Алесь Сушчэўскі:
У незвычайна прыгожым месцы, пасярод глухога сасновага лесу размясцілася старая экалагічная станцыя і па сумяшчальніцтве летняя турыстычная база, пра якую ўсе амаль забылі. Дэвіз старых сяброў: "Скаут аднойчы – скаут назаўжды!" І па ўсім было відаць, што так яно і ёсць: ні амаль 20-градусны мароз, ні цяжкія ўмовы пражывання на закінутай турыстычнай базе не перашкодзілі добраму настрою гульцоў. Усе тры дні былі шчыльна падзелены па часе на правядзенне розных ролевых, і не толькі, гульняў.
Усе тры дні у розных пакоях дзесяткі чалавек гулялі ў "Мафію", "Alias", "Кракадзіла" і іншыя ролевыя гульні невялікага павільённага фармата.
Вядучыя абвяшчаюць пачатак Бала. Самай масавай і працяглай гульнёй стаўся Каралеўскі Бал па матывах твораў Аляксандра Дзюмы-старэйшага – гульня цягнулася без перапынкаў каля 5 гадзін, а перад гэтым вечарам была падрыхтоўка гульцоў і правядзенне самаго бала – больш за 3 гадзіны.
Такія гульні становяцца ўсё больш папулярнымі і пры правільным падыходзе могуць многаму навучыць гульцоў. Для паспяховага вядзення бізнэса і аптымальных зносінаў з людзьмі чалавек павінен быць камунікабельным, адкрытым і заўжды умець прыняць тую ролю, якую чакае ад яго сітуацыя. У псіхалогіі гэта называецца ролевыя чаканні. Гэта калі чалавек паводзіць сябе згодна з той роляй, якую адводзіць яму пэўная жыццёвая сітуацыя, якую чакае ад яго грамадства. У Еўропе такія гульні даўно сталі нормай.
Кожны з амаль 30 гульцоў атрымаў пэўную ролю і мэты, якіх павінен быў дасягнуць падчас гульні – напрыклад, разбагацець (Епіскап), ажаніць на сабе каралеўскага пажа (Прынцэса), атруціць караля і заняць яго трон (Фаварытка Караля), распаўсюдзіць каталіцызм па ўсёй тэрыторыі краіны (Кардынал), стаць фаварыткай караля, зладзіць інтрыгу ці справакаваць забойства аднаго з персанажаў. Гульцы даведаліся пра свае ролі з вечара, падчас бала, а ўжо зранку пачалі гуляць.
Мэтаў іншых гульцоў ніхто не ведаў, акрамя Майстра (Алхіміка) – у гэтым уся інтрыга. Падчас гульні на Караля было здзейснена некалькі замахаў, каталіцкая царква на чале з Кардыналам і Епіскапам атрымала ад Караля заверанае подпісам і пячаткай права паліць на вогнішчы ерэтыкоў (да гэтага права аднаго забойства было толькі ў Караля), а Прынц быў атручаны апошнім кавалачкам магічнай шакаладкі. Караля так і не атруцілі, забілі пасла Шатландыі і ажанілі прынцэсу на каралеўскім пажы, які, як аказалася, таемна атруціў Каралеву.
Мне дасталася роля каталіцкага Епіскапа. Асноўнай мэтай яго жыцця былі грошы – як мага больш грошай.
Пасля гульні зладзілі абмеркаванне – кожны з гульцоў мог выказацца і падвесці вынікі гульні для самога сябе. Многія з гульцоў прымалі ўдзел у ролевай гульні жывога дзеяння ўпершыню, але імпэта і ўражанняў хапіла ўсім.
А.С: Як ты ацэньваеш праведзеную гульню?
Валянцін (Каралеўскі Паж): Самае складанае тут арганізацыя. Трэба падабраць ролі для вялікай колькасці людзей, размеркаваць гэтыя ролі і назіраць за ходам гульні, карэктуючы і дапамагаючы гульцам раскрыцца.
А.С: Ці атрымалася гэта ў Майстра (Алхімік) сённяшняй гульні?
Валянцін: Безумоўна! Я атрымаў мноства новых адчуванняў, нават былі вельмі хвалюючыя хвіліны, калі я на секунду забываўся, што я – гэта я, і напоўніцу станавіўся каралеўскім пажам і ахоўнікам. Мы з паслом Шатландыі і Епіскапам ледзь не атруцілі Караля!
А.С: Што галоўнае для гульца – акцёрскае майстэрства ці фантазія, уменне атаясаміць сябе з персанажам?
Валянцін: На мой погляд, гэта проста гуляць. Усё атрымліваецца самахоць – гульцы гуляюць. Праз гадзіну ад пачатку гульні тут ўжо была чыстая Францыя!
Кароль Эмануіл расказаў, што самае галоўнае ў падтрыманні стабільнасці ў дзяржаве, і якім павінен быць сапраўдны кіраўнік краіны.
А.С: Дасягненне мэты гульні – гэта самае галоўнае?
Анатоль (Кароль): Так, гэта, мабыць, галоўнае, але гульня непрадказальная і вымагае імправізацыі.
А.С: У нейкім сэнсе ты сёння пяць гадзін кіраваў цэлай краінай. Сёння ты атрымаў абсалютную уладу ў дзяржаве… Што адчуваеш, калі ты Кароль, якія рысы павінны быць у кіраўніка краіны?
Анатоль: Настойлівасць, уменне не даваць сябе крыўдзіць… Паказаць, хто галоўны – і тады становіцца прасцей. Галоўнае – сябе "паставіць".
А.С: Гэта першы досвед такой гульні для цябе?
Анатоль: Можна лічыць, што і так. Вырашаць, канечне, не мне, ці дасягнуў я мэтаў, але мяне так і не забілі і я захаваў стабільнасць (смяецца).
А.С: Ці плануеш яшчэ паўдзельнічаць у падобных гульнях?
Анатоль: Безумоўна! Зносіны між людзьмі, сустрэчы – гэта заўжды цікава.
Усе гульцы згодныя, што гульня атрымалася добра.
Ролевая гульня – гульня, па законах якой удзельнікі на некаторы час жывуць жыццём пэўных персанажаў, пераўвасабляючыся ў іх. Для правядзення гульні патрэбен Майстар, які раздае ролі і карэктуе гульню, не даючы ёй спыніцца. Гульня непрадказальная і цалкам нагадвае жыццё, але ў іншай рэальнасці, куды пераносяцца гульцы на пэўны час. Колькасць удзельнікаў агаворваецца загаддзя, але ў прынцыпе нават падчас гульні яны могуць выходзіць з гульні ці ўводзіць новых персанажаў. Розныя сцэнары дазваляюць правядзенне гульняў з колькасцю удзельнікаў да некалькіх тысяч чалавек працягласць да месяца і нават болей.
Алесь СУШЧЭЎСКІ, фота аўтара
Ссылки на статьи: http://babruisk.belarda.org/index.php?mod=news&id=1937


